«СЫН БЕЛАРУ́СА»,

заходнебеларуская газета. Выдавалася з 18.5 да 19.9.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газ. «Голас беларуса». Выкрывала палітыку ўрада Польшчы, скіраваную на дэнацыяналізацыю ўскраін, паліт. ўціск працоўных. Адстойвала інтарэсы нар. мас Зах. Беларусі, выступала супраць польскіх партый і бел. праўрадавых груповак. Друкавала выступленні бел. дэпутатаў у польскім сейме, справаздачы пра мітынгі ў Гарадку і Беластоку, інфармавала пра работу Бел. нац. к-та ў Вільні. Да 10-й гадавіны з пач. 1-й сусв. вайны змясціла антываен. публікацыі, у якіх асуджалася палітыка дзяржаў, што развязалі вайну. Падтрымлівала змаганне за бел. школы, культуру як сродак сац. і нац. ўсведамлення народа. Паведамляла пра жыццё беларусаў у Чэхаславакіі, Латвіі, Сербіі, БССР і ЗША. Змясціла ўспаміны пра Ф.​Багушэвіча, І.​Буйніцкага, І.​Луцкевіча, арт. У.​Самойлы пра творчасць К.​Сваяка, апавяданне В.​Адважнага. Інфармавала пра новыя бел. кнігі. Выйшлі 42 нумары. Закрыта польскімі ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)